ЭЎСТАТЫ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ ўзроўню мора
(ад грэч. eu добра + stasis стаянне на месцы, спакой, становішча),
павольныя (векавыя) змены ўзроўню Сусв. акіяна і звязаных з ім мораў; адна з прычын трансгрэсіі і рэгрэсіі мора. Адбываюцца ў выніку змены яго ёмістасці (запаўненне марскіх катлавін асадкамі, утварэнне новых форм рэльефу дна, аб’ёмістыя вывяржэнні падводных вулканаў і інш.) або колькасці вады ў ім (утварэнне і раставанне мацерыковых ільдоў — гляцыяэўстатызм). Мяркуюць таксама, што на колькасць вады ў акіяне ўплываюць фіз.-хім. працэсы ў глыбокіх нетрах Зямлі. Трансгрэсіі і рэгрэсіі мора адбываюцца і пад уплывам тэктанічных рухаў зямной паверхні, але яны больш лакальныя, і змены ўзроўню Сусв. акіяна пры гэтым уяўныя. Эўстатычныя рухі (эўстазія) былі вылучаны Э.Зюсам у 1888.
т. 18, кн. 1, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)